Праект “Урок у музеі” стане своеасаблівым працягам пагаднення, згодна з якім кожную апошнюю сераду месяца школьнікі бясплатна наведваюць музеі сістэмы культуры.

— Падпісанне пагаднення дазволіць удыхнуць новае жыццё ў традыцыйную форму ўрокаў-экскурсій.
Заняткі будуць праводзіць педагагічныя работнікі, але абапіраючыся на вопыт экскурсаводаў, супрацоўнікаў музеяў, каб поўнасцю выкарыстаць патэнцыял экспазіцый. Гэта дазволіць вывесці на якасна новы ўзровень выкладанне сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Праведзена дэтальная работа па вызначэнні тэматыкі будучых музейных заняткаў. Яна распрацавана такім чынам, каб данесці да навучэнцаў праз прадметны рад, работу экскурсаводаў, музейных супрацоўнікаў гістарычную праўду, замацаваць атрыманыя ў школе веды.

— Упэўнены, супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і ўстановамі культуры не абмяжуецца толькі музеямі, бо наша агульная задача — выхоўваць падрастаючае пакаленне ў любові да Радзімы, павазе да старэйшага пакалення, праз захаванне гістарычнай памяці. Тым больш што ў рамках шостага школьнага дня перад кожнай установай адукацыі стаіць задача наведваць не толькі музеі, але і тэатры, кінатэатры, — падзяліўся першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

Акрамя падпісання пагаднення, у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці быў праведзены ўнікальны ўрок “Гісторыя здзяйсняецца сёння”. Ра­зам з настаўніцамі гісторыі сталічнай гімназіі № 31 імя К.Т.Мазурава Людмілай Гурыновіч і сярэдняй школы № 148 Людмілай Руцкай навучэнцы Мінска адправіліся ў займальны экскурс па старонках мінулага нашай краіны. А падчас дыялогавай пляцоўкі змаглі задаць пытанні ганаровым гасцям.

— Сёння на экскурсію прыйшлі навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, кадэцкага вучылішча, сярэдніх школ №№ 148, 182, 28, 66, 44, гімназій №№ 31, 8, пераможцы гарадскога і рэспубліканскага конкурсу экскурсаводаў. Варта адзначыць, што вучні ўсіх узростаў рэгулярна наведваюць музеі горада. Напрыклад, у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці прыходзяць пераважна старшакласнікі, якія ўжо ўсвядомлена ўспрымаюць прадстаўленую тут інфармацыю і, дзякуючы экспазіцыі, могуць сістэматызаваць яе. Для іх гэта своеасаблівая ўзнагарода за выдатную вучобу, перамогу ў конкурсах. Нао­гул, у мінскіх школьнікаў ёсць цудоўная магчымаць наведваць вядучыя музеі краіны, яны знаходзяцца літаральна ў крокавай даступнасці, — адзначыла намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова.

Скарысталіся такой магчымасцю і вучні сярэдняй школы № 182 Мінска імя Уладзіміра Карвата. Разам з настаўнікам гісторыі яны завіталі ў адзін з самых сучасных музеяў Беларусі.

— Канечне, і я, і мае вучні ўражаны экспазіцыяй. Для мяне як настаўніка гісторыі прыйсці сюды асабліва цікава. Можна ўбачыць унікальныя прадметы, дакументы, звязаныя з гісторыяй станаўлення беларускай дзяржаўнасці на сучасным этапе. Вучні таксама ў захапленні. Разам са мной — лепшыя з лепшых нашай школы: выдатнікі, пераможцы конкурсаў, — па­дзяліўся Аляксандр Радчанкаў.

Праект “Урок у музеі”, безумоўна, стане папулярным, бо ва ўсіх 152 музеях сістэмы культуры краіны сабраны багаты матэрыял, які зробіць любы ўрок цікавым, насычаным.